«Адбылося так, як адбылося». У Музычным тэатры, дзе сыгралі песню «Хочу перемен!», загаварылі пра звальненне дырэктара
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На мінулым тыдні аркестр у Музычным тэатры сыграў кампазіцыю «Хочу перемен!» гурта «Кино». Нагадаем, песня стала адным з неафіцыйных гімнаў пратэстаў 2020 года. Як стала вядома «Люстэрку», тое, што здарылася, не спадабалася беларускім уладам, і цяпер стаіць пытанне пра звальненне дырэктара тэатра.

Сергей Пукита. Фото: TUT.BY
Сяргей Пукіта. Фота: TUT.BY

Што здарылася?

17 сакавіка тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» апублікаваў аўдыёзапіс выступу і рэакцыю залы на кампазіцыю «Хочу перемен!». Паводле звестак канала, аркестру «падпявала літаральна ўся зала»"

— Зала падтрымала выступ з гэтай кампазіцыі стоячы з ліхтарыкамі, — расказала «Люстэрку» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  

Які менавіта аркестр адважыўся выканаць культавую песню, тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» не паведаміў. Паводле нашай інфармацыі, гэта быў не беларускі калектыў.

Мяркуючы з афішы Музычнага тэатра, 16 сакавіка там выступаў Сімфанічны аркестр Варонежскай канцэртнай залы з праграмай «Анталогія рускага року», у рэпертуары якога акурат ёсць гэтая кампазіцыя гурта «Кино».

«Кіраўніцтва горада вырашае, што рабіць у гэтай сітуацыі»

Як стала вядома «Люстэрку», тое, што на сцэне мінскага тэатра прагучала «Хочу перемен!», не спадабалася беларускім уладам. За гэта цяпер хочуць звольніць дырэктара Сяргея Пукіту. Паводле інфармацыі нашай крыніцы, заўтра, 21 сакавіка, у яго апошні працоўны дзень. Пры гэтым работнікі тэатра збіраюцца пісаць калектыўны зварот з просьбай пакінуць цяперашняга кіраўніка на пасадзе.

— Супрацоўнікі тэатра ў цэлым характарызуюць яго як разумнага, сумленнага чалавека, — пракаментаваў наш суразмоўца.

Журналістка «Люстэрка» як неабыякавая мінчанка, якая часта бывае на пастаноўках як глядачка, патэлефанавала ў Музычны тэатр. У прыёмным пакоі дырэктара адказалі, што Пукіта на месцы, але заняты. На пытанне, ці сапраўды яго збіраюцца звальняць, супрацоўніца каротка адказала: «Без каментароў».

Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама, куды мы таксама патэлефанавалі, не сталі хаваць, што размовы пра магчымую змену кіраўніка ва ўстанове — не чуткі.

— Мы ў курсе гэтай праблемы. Кіраўніцтва горада вырашае, што рабіць у гэтай сітуацыі. Цяпер пакуль яшчэ нічога не магу сказаць, але так, сапраўды, інцыдэнт быў. Як ён вырашыцца, пакуль не магу сказаць, — цяпер ідзе разгляд гэтага пытання. Ну, бачыце, адбылося так, як адбылося. Дзякуй вам за вашыя перажыванні, — адказала супрацоўніца ўпраўлення і дадала, што не ведае, калі рашэнне будзе прынятае.

Сяргей Пукіта ўзначальвае Музычны тэатр з 2019 года. Ён нарадзіўся ў 1978 годзе, у 1998-м скончыў Магілёўскае вучылішча культуры, у 2003-м — сталічны Універсітэт культуры (майстэрня Мадэста Абрамава).

З 2004 года працаваў у сталічным Моладзевым тэатры (з 2010-га быў намеснікам дырэктара), а таксама актыўна здымаўся ў кіно. На яго рахунку больш за 60 работ. Праўда, гэта часцей за ўсё эпізоды. Пукіта здымаўся ў фільмах «Стылягі», «Каменская-5», «Дзяржаўная мяжа» і іншых. Часцей за ўсё граў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, чыноўнікаў ці прадстаўнікоў рабочых прафесій.

Чаму і калі песня стала «непажаданай»?

Нагадаем, 6 жніўня 2020 года Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі на афіцыйным праўладным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы ўключылі песню «Хочу перемен!» гурта «Кино». На наступны дзень іх асудзілі на дзесяць сутак па арт. 17.1 (Дробнае хуліганства) і арт. 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы). Пасля адседкі яны з’ехалі з краіны, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.

Песня «Хочу перемен!» стала адным з неафіцыйных гімнаў пратэстаў 2020 года. Дарэчы, прапагандыст і лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч лічыць, што кампазіцыя «не належыць нейкім там апазіцыянерам».

— Не гэтага Цой хацеў. Таму гэта нашая песня. Часам у нас нейкія чыноўнікі баяцца нейкую песню выкарыстоўваць, думаючы, што гэтая песня належыць нейкай вузкай групе палітыкаў радыкальных. Гэта нашая песня! Гэта мая песня, «Перемен», — заяўляў Гайдукевіч.

У 2024 годзе ў Беларусі пакаранне можа «прыляцець» у самы нечаканы момант. «Люстэрка» здабывае інфармацыю з уласных крыніц і падрабязна фіксуе рэпрэсіі ў краіне. Мы дакументуем гісторыю, каб такія парушэнні асноўных правоў і свабод беларусаў не былі забытыя.

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.