Паліцыя Шатландыі не плануе прыцягваць пісьменніцу Джоан Роўлінг да адказнасці за крытыку закона пра трансгендараў, хоць сама яна была гатовая да такога павароту падзей, паведамляе Reuters.
Джоан Роўлінг не будзе прыцягнутая да адказнасці за тое, што рэзка раскрытыкавала новы шатландскі закон пра забарону распальвання нянавісці і апублікавала ў сацсетках некалькі пастоў пра трансгендарных людзей.
Шатландскія праваахоўнікі расказалі, што атрымалі скаргі ў сувязі з публікацыямі Роўлінг у сацсетках. Аднак яе каментары не расцэньваюцца як крымінальныя, і ніякіх мер у дачыненні да пісьменніцы прымаць не будуць.
Нагадаем, 1 красавіка ў Шатландыі набыў моц закон, які ўводзіць крымінальную адказнасць за распальванне нянавісці па прыкмеце ўзросту, абмежаваных магчымасцяў, рэлігіі, сэксуальнай арыентацыі, трансгендарнай ідэнтычнасці ці інтэрсэксуальнасці (то-бок змяшаных праяваў мужчынскіх і жаночых полавых прыкмет).
Кіраўнік урада Шатландыі Хамза Юсаф заявіў, што новы закон неабходны, каб даць рады «усё большай хвалі нянавісці». Аднак яго прыняцце выклікала шырокую дыскусію — у тым ліку таму, што ён не абараняе жанчын як асобную сацыяльную групу. Чакаецца, што шатландскі ўрад пазней прапануе прыняць асобны закон, скіраваны супраць жанчынаненавісніцтва.
Закон пра трансгендараў раскрытыкавала і Джоан Роўлінг. Аўтарка эпапеі пра Гары Потэра, якая жыве ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу, адрэагавала на яго ўступленне ў сілу пастамі ў сацсетках.
Пісьменніца лічыць, што закон пагражае свабодзе слова і веравызнання. Роўлінг таксама згадала крымінальныя справы ў дачыненні да трансгендарных людзей, у тым ліку выпадак брытанкі Іслы Брайсан, прызнанай вінаватай у згвалтаваннях. Яна апісала гэтых людзей як мужчын, хоць яны змянілі полавую прыналежнасць.
«Да таго часу, пакуль нам не дазволяць называць мужчыну мужчынам, немагчыма будзе нават карэктна апісаць або справіцца з той рэальнасцю гвалту, у тым ліку сэксуальнага, з якой сутыкаюцца жанчыны і дзяўчаты», — працягнула пісьменніца.
Цяпер Роўлінг знаходзіцца за мяжой, але кажа, што гатовая да арышту пасля вяртання на радзіму, калі яе словы «будуць кваліфікаваныя як злачынства з пункту гледжання новага закона».
Яна і раней падвяргалася абвінавачанням у трансфобіі пасля шматлікіх выказванняў пра трансгендарных людзей. Так, Роўлінг неаднаразова заяўляла, што жанчынамі могуць лічыцца толькі тыя, у каго бывае менструацыя.
Пісьменніцу падтрымаў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак, які заявіў, што людзей не варта прыцягваць да крымінальнай адказнасці за «здаровы сэнс» у выказваннях пра біялагічны пол.