Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў некаторых беларусаў прымушаюць падпісваць папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння закона. Фота дакумента апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».
У папярэджанні паведамляецца пра адказнасць за публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады ці гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, здрады дзяржаве або ўчынення акту тэрарызму, дыверсіі, іншых дзеянняў, скіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, а таксама за заклікі да санкцый.
«Афіцыйна папярэджваю пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства ў галіне процідзеяння экстрэмізму і растлумачваю, што ў выпадку выяўлення факта здзяйснення злачынства супраць дзяржавы вы можаце быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці», — паведамляецца ў дакуменце.
Нязгодныя з папярэджаннем могуць яго абскардзіць «вышэйшаму кіраўніку органа пракуратуры», а калі і гэта не дапамагло — у судзе.
«Вядома, што такія паперы прымушаюць падпісваць беларусаў па ўсёй краіне», — паведамілі ў ПЦ «Вясна».