Улады ў Беларусі запусцілі флэшмоб: дзяржарганізацыі і дзяржорганы публікуюць відэа, дзе супрацоўнікі кажуць: «Надо». Так яны просяць Аляксандра Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. «Люстэрка» спытала беларусаў пра тое, як ім прапаноўвалі паўдзельнічаць у флэшмобе і ці можна было адмовіцца. Вось што яны расказалі.
Імёны суразмоўцаў змененыя дзеля іх бяспекі.
«Проста сагналі ўсіх на двор і не сказалі навошта»
Ігар вучыцца ў адным з мінскіх універсітэтаў. Ён расказаў, што такое відэа здымалі ў ягонай ВНУ — і асаблівага ціску не было.
— Мяне асабіста не запрашалі, але запрашалі аднагрупнікаў. Адзін чалавек адмовіўся, і ніхто не настойваў на яго ўдзеле, але астатнія, як потым сказалі, нават не задумваліся, што можна адмовіцца, — кажа ён і дадае, што выніковы ролік апублікавалі ў сацсетках ВНУ «ў агіднай якасці».
— Смяяліся потым з гэтага ўсёй групай, уключаючы ўдзельнікаў. Смяяліся з самой ідэі такога флэшмобу і з яго фармулёўкі, — кажа Ігар. — Любая згадка слова «надо» цяпер суправаджаецца выбухамі смеху. Вядома, ёсць некалькі чалавек, якія нібыта паставіліся да гэтага сур’ёзна, але з імі я кантактую мала, таму сказаць асабліва нічога не магу.
Яўген вучыцца ў адной з ВНУ абласнога цэнтра. Хлопец расказвае, што яго знаёмым таксама прапаноўвалі зняцца ў відэа. Гэтае заданне не было абавязковым для канкрэтных студэнтаў, «але нехта сапраўды мусіць зрабіць».
— Загад паступіў з рэктарата, — кажа Яўген. — Зняць відэа было абавязкова, няважна, хто быў бы ў кадры. Тыя, хто катэгарычна супраць, маглі адмовіцца.
Яшчэ адна чытачка, Вікторыя, расказала, што паўдзельнічала ў флэшмобе выпадкова, не разумеючы яго сутнасці.
— Нас проста сагналі ўсіх на двор і не сказалі навошта, дасталі камеру і сказалі крычаць: «Надо», — расказала яна і дадала, што сэнс акцыі яна даведалася з навін. — Калі мы пыталі навошта, нам казалі: «Сказалі крычаць — значыць, крычыце»…
Яшчэ некалькі беларусаў, якія ўдзельнічалі ў запісе, згадалі пра ціск падчас здымак відэа, але адмовіліся агучваць «Люстэрку» падрабязнасці.
Аляксандра Лукашэнку ўжо няма чаго прасіць
Флэшмоб «Надо» адсылае да фразы Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай. Яна спытала, ці будзе палітык балатавацца.
— Ты хочаш, каб я ўпершыню ў тваёй перадачы сказаў? Так, Воля, пайду. Калі прыхільнікі мае скажуць, што гэта трэба, а яны, вядома ж, скажуць… — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка размаўляў са Скабеевай 23 кастрычніка. А 26 кастрычніка яго ініцыятыўная група падала дакументы ў ЦВК. Флэшмоб жа ўлады запусцілі толькі ўвечары 27 кастрычніка, а 28-га ў сацсетках арганізацый з’явіліся сотні відэа, дзе розныя людзі кажуць адно слова — «Надо». Навошта было прасіць Лукашэнку балатавацца, калі ён ужо падаў дакументы ў ЦВК, невядома.
Між тым, Цэнтрвыбаркам прыняў заяўку палітыка і 29 кастрычніка зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за яго. І пакуль ён — адзіны зарэгістраваны прэтэндэнт у кандыдаты на выбарах.
Яшчэ два прэтэндэнты атрымалі адмову — гэта Аляксандр Драздоў і старшыня руху «За Свабоду», эксперт па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрась Губарэвіч. Як паведамілі ў камісіі, ініцыятыўная група ў падтрымку Аляксандра Драздова не зарэгістраваная ў сувязі з тым, што не былі пададзеныя дакументы пра яе склад. Прадстаўнікі ж Юрася Губарэвіча парушылі парадак падачы дакументаў у ЦВК, даслаўшы іх электроннай поштай, чаго выбарчае заканадаўства не прадугледжвае.
30 кастрычніка ў ЦВК былі прадстаўленыя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча і кіраўніка Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка.
Акрамя таго, у тэлеграм-канале Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую ўлады ліквідавалі ў 2023 годзе, з’явілася інфармацыя пра магчымы ўдзел у выбарчай кампаніі былой дэпутаткі і кандыдаткі ў прэзідэнты Ганны Канапацкай.
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты неабходна падаць не пазней за 1 лістапада. Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністрацыйны рэсурс. Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты пачнецца 7 лістапада. Самі прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Чытайце таксама