Памёр зняволены віцебскай папраўчай калоніі № 3 «Віцьба», які мусіў выйсці на волю менш чым праз год, паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў MAYDAY TEAM.
Імя і прозвішча зняволенага не называюцца, як і артыкул, па якім ён адбываў пакаранне.
Вядома, што мужчыну было 54 гады, у гэтай калоніі ён праседзеў каля дзесяці гадоў, а да канца тэрміну зняволення яму заставалася менш за год. У крытычным стане асуджанага даставілі ў віцебскую бальніцу, аднак выратаваць яго не ўдалося.
У нядзелю, 25 жніўня, канстатавалі смерць. Пра гэта дактары паведамілі сям'і.
Нагадаем, у папраўчай калоніі № 3 («Віцьба») часта адбываюць пакаранне былыя чыноўнікі, міліцыянты, суддзі і пракуроры. Паводле звестак праваабаронцаў, у ПК-3 знаходзяцца як мінімум 110 палітвязняў, сярод якіх юрыст Максім Знак, былы следчы Яўген Юшкевіч і экс-пракурор Яўген Бабак.