Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  2. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  3. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  4. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  5. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  6. Чиновники много рассуждают, что сделать, чтобы медработники не уезжали из страны. Медсестра из минской больницы дала им простой ответ
  7. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  8. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  9. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  10. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  11. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  12. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  13. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  14. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
Читать по-русски


Людзі схільныя судзіць іншых, нават не ведаючы поўнай карціны. Такое нярэдка здараецца ў дачыненні да жанчын, у якіх няма дзяцей. Адзін з яскравых выпадкаў за апошні час — гэта словы кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ЗША Джэймса Дэвіда Вэнса, які ідзе на выбары ў пары з Дональдам Трампам. Некалькі гадоў таму ён назваў бяздзетных жанчын «купкай кашатніц, якія няшчасныя праз сваё жыццё і зроблены імі выбар», — і нядаўна яму гэта прыгадала акторка Джэніфер Эністан, якая хацела, але так і не змагла зацяжараць. «Люстэрка» знайшло беларуску, якой 40 гадоў і ў яе таксама няма дзяцей, хоць яна імкнецца стаць маці. Расказваем пра асуджэнне і праблемы ў асабістым жыцці, з якімі яна сутыкнулася, а таксама планы жанчыны на будучыню, калі раптам зацяжараць так і не ўдасца.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Імя суразмоўніцы змененае з меркаванняў яе бяспекі.

«Мне здаецца, у дактароў быў страх прапанаваць нейкія лішнія абследаванні»

Цяпер 40-гадовая Алена ўспамінае, што заўсёды добра ставілася да дзяцей і хацела іх мець. Але, як і многія жанчыны, для пачатку вырашыла як мінімум атрымаць адукацыю і знайсці сябе ў кар’еры. Пасля школы яна адвучылася на эканамістку, потым лёгка знайшла добрую працу па спецыяльнасці, якая прыносіла нядрэнны прыбытак.

Цяпер, здавалася б, можна думаць і пра сям’ю. Але асабістае жыццё па-здрадніцку не складалася. Алена кажа сама пра сябе, што «аказалася жанчынай з моцным характарам, якая не была гатовая ў адносінах з мужчынамі цярпець».

— Упершыню я, як на нашыя беларускія меркі, позна выйшла замуж: мне было ўжо за 30. З мужам мы адразу ж спрабавалі зачаць дзіця — і ў нас нават атрымалася. Але скончылася ўсё сумна — яшчэ ў першым трыместры плод перастаў развівацца. Гэта нас вельмі падкасіла. Муж перастаў хацець са мной сэксу і, як я зразумела, дзіцяці. І так наш шлюб распаўся, — расказвае Алена.

Пасля гэтага яна з сумам усміхаецца і называе той шлюб сваёй «апошняй рэпрадуктыўнай надзеяй».

Развод, як кажа суразмоўніца, яе падкасіў — давялося «доўга маральна аднаўляцца». У такім стане думак пра актыўны пошук новага спадарожніка жыцця і спатканні не ўзнікала наогул. У выніку, калі Алене споўнілася 38, яна цвёрда вырашыла зацяжараць і нарадзіць, што называецца, для сябе.

— Я адразу сказала доктару, што гатовая на ўсё, толькі б стаць маці. Зрабіць усе аналізы? Добра. Здаць пяць літраў крыві? Не праблема. Выдаткаваць пяць тысяч рублёў, даляраў, еўра… Я была ў такім узросце і стане, што прасіла не эканоміць маіх сродкаў, — успамінае свой настрой беларуска. — Не магу сказаць, што мне трапляліся кепскія дактары, але, мне здаецца, у іх быў пэўны страх прапанаваць нейкія лішнія абследаванні, прэпараты. Можа, думалі, што я вырашу, нібыта з мяне выпампоўваюць грошы.

У выніку другая спроба Алены скончылася, як і першая — гібеллю плода. Паводле яе, доктарка канстатавала: адзіны фактар, які перашкодзіў развіццю цяжарнасці — гэта ўзрост. Ніякіх хвароб ці нават проста асаблівасцяў рэпрадуктыўных органаў у Алены дагэтуль так і не выявілася.

— Проста не разумела, як так магло адбыцца. Я ж здаровы чалавек, — разважае суразмоўніца. — Вядома, у мяне былі нейкія пераломы, бо я вяду актыўны лад жыцця: то на лыжах, то яшчэ на чым-небудзь пакатаюся. Але глабальных праблем не было. І калі ў мяне другі раз не атрымалася вынасіць цяжарнасць, я вырашыла ўсё ўзяць у свае рукі.

Алена ўзялася штудыяваць медыцынскую літаратуру і розныя сайты — так высветліла, напрыклад, што жанчынам рэкамендуецца прымаць фоліевую кіслату (вітамін групы В) не толькі падчас цяжарнасці, але і да яе: рэчыва грае ключавую ролю ў развіцці плода. Нягледзячы на рэгулярныя паходы па дактарах, нашая суразмоўніца запэўнівае, што ніхто не раіў ёй звярнуць на гэта ўвагу.

Акрамя таго, Алена са сваёй ініцыятывы таксама зрабіла генетычны пашпарт — інфармацыю з яго дактары могуць выкарыстаць для карэкцыі неспрыяльных эфектаў генаў. У тым ліку калі ў жанчыны раз за разам не атрымліваецца вынасіць цяжарнасць.

— У мяне склалася ўражанне, што калі б я гэта зрабіла яшчэ да абедзвюх сваіх цяжарнасцяў і ішла да дактароў з вынікамі даследаванняў на руках, то ўсё магло быць інакш і я б цяпер сядзела з дзіцем, а не гаварыла з вамі, — прызнаецца Алена. — Цяпер, вядома, я абураюся, што ўсё жыццё рэгулярна хадзіла да гінеколагаў і ніхто нават не намякнуў: «Леначка! Вазьмі ды замарозь свае яйкаклеткі. Так, сёння ў цябе могуць быць праблемы з мужам, але проста зрабі гэта — а потым будзеш вырашаць». Але так выйшла, што пра гэты варыянт я даведалася толькі нядаўна, калі ўжо стала позна.

«Гэта ж не так, што бярэш першага-лепшага мужчыну і ідзеш рабіць з ім дзіця»

У нейкай ступені, удакладняе Алена, яна злуецца і на сябе таксама. Жанчына кажа, што рэпрадуктыўная усвядомленасць прыйшла да яе толькі пасля 30.

— На ўласным досведзе я пераканалася, што жанчыны, якія да 40 гадоў не нарадзілі — гэта часцей за ўсё не тыя жанчыны, якія не хочуць нараджаць у 20−30 гадоў. Хутчэй, ім проста не ўдалося сустрэць раней прыдатнага партнёра, — упэўненая беларуска. — Узяць, напрыклад, мужчыну, з якім у мяне былі сур’ёзныя адносіны яшчэ да таго, як мне споўнілася 30. У нейкі момант я зразумела, што я ў яго не адзіная, — і сышла. Але гэта ж не так проста, што пасля разрыву ты едзеш у клуб, бярэш першага-лепшага мужчыну і ідзеш рабіць з ім дзіця. Гэта балюча, ты аднаўляешся, спрабуеш сабраць у кучку сябе і сваю самаацэнку. І доўгі час у цябе наогул няма рэсурсаў і прасторы ў жыцці нават на думкі пра дзяцей, не тое што на іх саміх.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Сваю палоўку Алена ў выніку ўсё ж сустрэла — адносна нядаўна. Цяпер яна шчаслівая ў адносінах: і яна, і яе партнёр хочуць дзіця. Але да 40 гадоў пытанне паўстала, як кажа суразмоўца, «ужо тэхнічнае».

— Калі б у мяне былі мае маладыя 19-гадовыя яйцаклеткі, то, думаю, працэс быў бы зусім іншы, — лічыць беларуска.

Нядаўна яна здала аналіз на антымюлераў гармон (АМГ) — ён паказвае ўзровень аварыяльнага рэзерву жанчыны. Прасцей кажучы, ацэньвае шанец на зачацце грунтуючыся на колькасці яйкаклетак у яечніках. Узровень гэтага гармону і праўда падае з узростам, аднак розныя дактары і медустановы па-рознаму ацэньваюць, у які момант яго можна лічыць трывожна нізкім. Да прыкладу, у амерыканскіх і азіяцкіх клініках недастатковым для зачацця ўзроўнем называюць значэнні толькі ніжэй за 1 нг/мл, а вось ва ўкраінскім цэнтры «Мати та дитина» пішуць, што ад 1 да 2 нг/мл — гэта літаральна «апошні вагон». Зрэшты, калі паказчык АМГ занадта высокі — напрыклад, ад 10 нг/мл — гэта можа сігналізаваць пра наяўнасць у жанчыны сіндрому полікістозных яечнікаў, пры якім вынасіць цяжарнасць таксама няпроста.

— Выявілася, што АМГ у мяне — 2 нг/мл. Мне наўпрост сказалі, што з такім паказчыкам у мяне ёсць максімум паўгода для натуральных спробаў зачаць. Вось цяпер да снежня мы спрабуем, — кажа Алена. — Калі не, наш наступны варыянт — адразу ЭКА.

На думку суразмоўніцы, якая ўсе свае абследаванні рабіла ў Беларусі, медыцынскім цэнтрам можна падумаць пра іншыя падыходы да сваіх пацыентаў. Да прыкладу, замест падштурхоўвання да родаў ці, наадварот, заспакаення, што ўсё яшчэ наперадзе, «без крытыкі, ацэньвання і запалохвання» рэкамендаваць здаваць аналізы загадзя, каб прадбачыць і прагназаваць сітуацыю, грунтуючыся на фактах.

— У 30 гадоў мне ніхто не прапанаваў здаць АМГ, а калі б ён ужо тады быў даволі нізкі, я магла замарозіць яйкаклеткі і цяпер мой шлях быў бы прасцейшы. А мне казалі толькі: «Будзе ў вас авуляцыя — ідзіце займайцеся сэксам з вашым мужчынам», — успамінае Алена. — Я неяк наўпрост спытала ў доктара, што яны разумеюць пад «рэгулярным сэксам» для зачацця — аказалася, што гэта мінімум два разы на тыдзень. Мінімум! А ў мяне нават у шлюбе столькі інтыму не было.

«Калі з кожным чалавекам, які цябе асуджае, пагаварыць шчыра, то ў іх саміх будзе шмат праблем»

У асноўным Алену падтрымлівала тое, што бацькі заўсёды былі на яе баку. Як і сяброўкі. Стаўленне дактароў нашая суразмоўніца таксама ўрэшце зразумела. Тое, што ў дзяржаўнай бальніцы на пацыентку можна вылучыць 5−10 хвілін, а ў прыватнай клініцы — 20, таксама «накладае свой адбітак», мяркуе яна.

З асуджэннем у свой бок Алена сутыкнулася толькі калі наважылася выгаварыцца і расказаць пра свае перажыванні ў сацсетках.

— Мне здаецца, многім беларускам пакуль, на жаль, незразумелы прынцып падтрымкі адна адной. Вельмі складана перайсці на бок жанчыны, калі нас усё жыццё, у тым ліку дзяржава, выстаўляюць вінаватымі. Рана нарадзіла? «Абы ногі рассунуць». Не нарадзіла, але вырашыла прысвяціць сябе кар’еры? «Дык трэба было раней думаць, чаго цяпер шкадаваць». Зрабіць правільна нібыта немагчыма, — прыводзіць прыклады суразмоўніца. — Але я прыйшла да таго, што стаўлюся да тых, хто асуджае, з разуменнем. Думаю, калі з кожным такім чалавекам пагаварыць шчыра, то ў іх саміх будзе шмат пытанняў, праблем.

Заявы чыноўніц — той жа кіраўніцы Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай — і дэпутатаў пра тое, што трэба «стымуляваць нараджаць», Алена называе далёкімі ад рэальнасці.

— У гэтым сэнсе мне спадабалася фраза блогеркі Таці, якая, дарэчы, родам з Беларусі. Яна неяк сказала, што дзяржаве трэба ў першую чаргу падтрымліваць тых жанчын, якія хочуць нараджаць — аднаго, двух, трох, пяцярых, усё роўна, — і дапамагаць ім прыйсці да шчаслівага мацярынства. Але пры гэтым ад***цца ад тых жанчын, якія нараджаць не хочуць наогул. Усё роўна чаму — трэба проста ад іх адчапіцца. Як падтрымліваць тых, хто хоча? Гэта ўжо праблема палітыкаў — для гэтага яны працуюць. Але прымушаць нараджаць усіх — утапічна, гэта выклікае толькі большы пратэст.

У будучыню Алена глядзіць не без аптымізму, але найгоршыя сцэнары таксама разглядае. Кажа, што ў яе ўзросце верыць у цуд і «магічнае мысленне» ўжо не камільфо.

— Падчас другой цяжарнасці я так хацела гэтае дзіця, што кожны дзень малілася, ледзь не ў космас пасылала запыты. На жаль, адно толькі жаданне не дапамагло. Таму сёння я вельмі цвяроза ацэньваю свае магчымасці, — кажа суразмоўніца. — Вядома, мне будзе вельмі сумна, калі так і не атрымаецца зацяжараць. Я сабе адмерала тэрмін да 45 гадоў — тады, думаю, дакладна з’едуць усе мае «самыя апошнія цягнікі». Магчыма, у такім выпадку я скарыстаюся донарскай яйкаклеткай падчас ЭКА. Але мы цяпер будзем вельмі моцна старацца зачаць. Я ўсё роўна веру, што ў нас атрымаецца.

Варыянты ўсынаўлення беларуска таксама разглядае. Але больш грунтоўныя разважанні пра гэта яна адклала — таксама да 45.

Чытайце таксама