У ноч на 25 красавіка палітзняволенага экс-банкіра і былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыку даставілі ў гарадскую бальніцу з калоніі № 1 у Наваполацку, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін. Там яго пратрымалі некалькі дзён і, як мяркуецца, вярнулі ў калонію. Пазней стала вядома, што палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), але калі дакладна гэта адбылося — невядома. Да таго ж паведамлялася, што доўгі час зімой Бабарыка ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Чалавек, які атрымаў звесткі ад відавочцы падзеяў, што разгортваліся ў бальніцы ў канцы красавіка з Віктарам Бабарыкам, расказаў праваабаронцам «Вясны» падрабязнасці інцыдэнту.
Паводле словаў Мікалая (імя змененае з меркаванняў бяспекі), Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне Наваполацкай гарадской бальніцы моцна збітым. Гэта быў другі выклік хуткай дапамогі ў калонію да Віктара. Падчас першага візіту супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў шпіталізацыі адмовілі. Паведамляецца, што адмова была напісаная начальнікам калоніі. Падчас другога візіту доктару брыгады хуткай дапамогі ўдалося пераканаць супрацоўнікаў калоніі ў неабходнасці шпіталізацыі Віктара Бабарыкі ў стацыянар.
«У абодвух выпадках брыгады атрымалі інструкцыі ад кіраўніцтва бальніцы пра тое, што з пацыентам у кантакт не ўступаць, гутарак не весці, не падаваць ніякіх знакаў. Са свайго боку супрацоўнікі хуткай дапамогі правялі неабходныя абследаванні (агляд, вымярэнне артэрыяльнага ціску, запіс электракардыяграмы) і даставілі яго ў стацыянар. У прыёмным пакоі Віктар быў агледжаны дзяжурным доктарам, былі праведзеныя неабходныя даабследаванні (агульны аналіз крыві, мачы, рэнтген галавы і органаў грудной клеткі)», — расказаў суразмоўца.
Папярэдні дыягназ быў — вадкасць у лёгкіх, але ён не пацвердзіўся. Мікалай сцвярджае, што Віктар Бабарыка атрымаў траўмы ў выніку збіцця. Адпаведныя траўмы былі на галаве — іх немагчыма атрымаць пры падзенні, напрыклад.
«На ўсе абследаванні Віктара суправаджалі канваіры. Дактарам і сярэдняму медперсаналу бальніцы былі дадзеныя рэкамендацыі пра тое, што з пацыентам нельга размаўляць, перамігвацца і г. д. Пры гэтым на абследаванні (напрыклад, ультрагукавое даследаванне) Віктара пад канвоем вадзілі праз некалькі аддзяленняў. Некалькі дзён, якія Віктар Бабарыка прабыў у хірургічным аддзяленні, ён знаходзіўся ў палаце для зняволеных з закратаванымі вокнамі і пад пастаянным кантролем канваіраў, якія сачылі за ўсімі дзеяннямі медперсаналу, перапыняючы любую магчымасць перадачы якой-кольвек інфармацыі», — адзначыў мужчына.
Паводле Мікалая, наведванні Віктара былі пад забаронай, родным і блізкім не паведамлялі пра яго месцазнаходжанне і стан здароўя.
«Праз тры-чатыры дні людзі ў пагонах павезлі Віктара ў невядомым кірунку на аўтамабілі, які не стаіць на балансе гарадской бальніцы», — дадаў Мікалай.
Ён адзначыў, што з такімі траўмамі, якія былі ў Віктара Бабарыкі, пацыентаў шпіталізуюць мінімум на 7−10 дзён. Пазней у СМІ з’явілася інфармацыя, што Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію і змясцілі ў ПКТ.
Нагадаем, Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК, каб здаць сабраныя подпісы. 6 ліпеня 2021 года экс-банкіра асудзілі на 14 гадоў калоніі. Праз два гады на восем гадоў калоніі асудзілі яго сына. 9 лістапада ён сустрэў 60-годдзе ў зняволенні — гэта яго чацвёрты дзень нараджэння за кратамі.