У Мінфіне расказалі падрабязнасці пра тое, якія падатковыя льготы хочуць скасаваць для насельніцтва і якога эфекту чакаюць ад гэтага. Нагадаем, новаўвядзенні прадугледжаныя праектам змяненняў у Падатковы кодэкс, дакумент у двух чытаннях зацвердзіў парламент, цяпер яго разглядае Савет Рэспублікі.
Насельніцтва хочуць пазбавіць дзвюх ільгот. Па-першае, паэтапна скасаваць ільготную стаўку па падаходным падатку з даходаў ад дывідэндаў. Гаворка як пра фізічных асоб, у якіх ёсць акцыі фірмаў або якія валодаюць беларускімі кампаніямі, так і пра юрыдычных.
Па-другое, улады збіраюцца скасаваць паслабленні па падаходным падатку на даходы, якія людзі атрымліваюць ад продажу доляў у статутным фондзе беларускіх арганізацый і іх акцый. Цяпер гэтыя даходы вызваляюць ад такога збору. Раней у Мінфіне тлумачылі, што асноўная прычына, з якой хочуць адмовіцца ад гэтай ільготы, у тым, што «прыкметнага эфекту для інвестыцый не адзначаецца, бо сродкі фактычна не рэінвестуюцца, а размяркоўваюцца на карысць фізічных асоб у павышаных памерах».
Якіх вынікаў чакаюць чыноўнікі ад адмова ад гэтых ільгот?
Першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко расказаў пра запланаваны эфект ад падатковых змяненняў:
— Права на інвестыцыйны вылік будзе распаўсюджвацца толькі на будынкі і збудаванні вытворчага прызначэння. Прапануецца скасаваць вызваленне ад падатку на даходы фізічных асоб у дачыненні да даходаў, атрыманых ад продажу доляў у статутных фондах беларускіх арганізацый, якія належаць падаткаплатніку цягам не менш чым трох гадоў. Акрамя таго, плануецца адмова ад прымянення льготных ставак падатку на даходы фізічных асоб 0 і 6% падчас выплаты дывідэндаў, калі яны не былі размеркаваныя цягам пяці і трох гадоў адпаведна. Сумарны эфект ад усіх мераў кансалідацыі мы ацэньваем у памеры больш чым 300 млн рублёў.
Дзмітрый Кійко ўдакладніў, што ў праекце падатковых змяненняў таксама перагледжаныя дзейныя льготы і для бізнесу, каб скасаваць тыя, якія неэфектыўныя і не выкарыстоўваюцца.
Улады збіраюцца ўвесці дадатковыя льготы па маёмасным выліку для шматдзетных сем’яў, якія будуюць ці купляюць нерухомасць.
Чытайце таксама