У ноч на 28 траўня завяршыліся выбары ў Каардынацыйную раду. Выбарчая камісія на паседжанні ў Варшаве падвяла папярэднія вынікі галасавання.
Удзел у выбарах узялі 6723 чалавекі. Паводле папярэдніх звестак, больш за ўсё галасоў атрымала Каманда Латушкі і рух «За свабоду» — 2358 (35,07%). Далей ідзе Блок Пракоп’ева/Ягорава (1050 — 15,62%), «Незалежныя беларусы» (616 — 9,16%), «Еўрапейскі выбар» (605 — 9%), «Моладзевы наступ» — (598 — 8,89%), «Наша справа» (489 — 7,27%), «Воля» (432 — 6,43%), «Хопіць баяцца» (226 — 3,36%), «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі» (184 — 2,74%), «Салiдарнасць» (104 — 1,55%), «Грамадскі Рух „Краіна Для Жыцця“» (61 — 0,91%).
Такім чынам, мандаты ў КР падзяліліся так:
- Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28;
- Блок Пракоп’ева/Ягорава — 13;
- «Незалежныя беларусы» — 8;
- «Еўрапейскі выбар» — 8;
- «Моладзевы наступ» — 7;
- «Наша справа» — 7;
- «Воля» — 6;
- «Хопіць баяцца» — 3.
Тры спісы не пераадолелі трохпрацэнтнага бар’ера і не прайшлі ў Каардынацыйную раду. Гэта «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі», «Салiдарнасць» і «Грамадскі Рух „Краіна Для Жыцця“».
У склад новага складу КР трапяць 80 чалавек. Усе імёны ўдзельнікаў спісаў адкрытыя, іх можна паглядзець на сайце.
Нагадаем, Каардынацыйная рада — гэта прадстаўнічы орган беларускіх дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці, яна была створаная ў жніўні 2020 года для пераадолення палітычнага крызісу ў краіне пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.