Лукашэнку спыталі, ці правільна ён зрабіў, падзяліўшыся часткай суверэнітэту Беларусі, каб застацца ва ўладзе. Ён назваў пытанне «дурным»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Журналістка французскага навінавага агенцтва Associated France Presse Барбара Ваязер пацікавілася ў Аляксандра Лукашэнкі, ці правільна ён зрабіў, падзяліўшыся з Расіяй часткай беларускага суверэнітэту, каб застацца ва ўладзе. Ён назваў пытанне «дурным», але адказаў.

Александр Лукашенко на встрече с журналистами западных СМИ. 6 июля 2023 года. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі заходніх СМІ. 6 ліпеня 2023 года. Фота: president.gov.by

Тэму суверэнітэту Беларусі на сустрэчы Лукашэнкі з журналістамі замежных СМІ паднялі ў сувязі з размяшчэннем у краіне расійскіх войскаў і зброі.

— Я мог бы ў вас спытаць: а які суверэнітэт я камусьці аддаў? Каму я аддаў частку суверэнітэту, каб застацца ва ўладзе? Я застаўся ва ўладзе дзякуючы свайму народу. У тым ліку дзякуючы беларускім журналістам, якія тут знаходзяцца. Яны — прапагандысты і агітатары ўсяго найлепшага, што ў нас ёсць у краіне. Толькі дзякуючы гэтаму я знаходжуся ва ўладзе, — лічыць Лукашэнка.

Ён таксама расказаў, чым будзе займацца, калі пойдзе «на супакой». Праўда не ўдакладніў калі.

— Я думаю, што будзе далей, што будзе пасля мяне. Але калі я буду жывы пасля прэзідэнцкага тэрміну, я буду ісці гэтым шляхам і змагацца за суверэнную і незалежную Беларусь, — упэўнены Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе, Лукашэнка сказаў, што пакуль «абсалютна нічога не планаваў».

Нагадаем, на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, на думку праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці, выбарчы працэс прайшоў са шматлікімі парушэннямі і быў абсалютна непразрыстым. Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў 80,1% галасоў, а Святлана Ціханоўская — 10,12%.

Між тым эксперты незалежнай платформы «Голас» прааналізавалі звесткі пратаколаў выбарчых участкаў і звесткі, дасланыя карыстальнікамі платформы, і прыйшлі да высновы, што за Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, або 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі.

10 верасня 2020 года Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў Святлану Ціханоўскую абраным прэзідэнтам Беларусі, а яе і Каардынацыйную раду — адзінымі законнымі прадстаўнікамі краіны.

Тым не менш на ўзроўні Еўрасаюза палітык не была прызнаная абраным прэзідэнтам: афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана патлумачыў гэта тым, што выбары не былі сумленнымі і не адпавядалі міжнародным стандартам.

Чытайце таксама