Опубликовано 28 мая 2024 у 12.53
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-mirror.store/news/life/69267.html    

Стала вядома, колькі шэнгенскіх віз атрымалі беларусы за мінулы год. Іх колькасць вырасла, і вось у якіх краін адмоваў менш за ўсё

Колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных беларусам, у 2023 годзе зноў пачала патроху расці пасля рэзкага падзення апошніх гадоў. Пры гэтым практычна ўсе візы выдалі ўсяго пяць краін ЕС. Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя Еўракамісіяй.

Паспорт с шенгенской визой. Фото: «Зеркало»
Пашпарт з шэнгенскай візай. Фота: «Люстэрка»

За мінулы год беларусы падалі амаль 164 тысячы заявак на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы — маюцца на ўвазе візы тыпу C, турыстычныя і іншыя: яны дазваляюць знаходзіцца на тэрыторыі краін Шэнгена да 90 дзён у паўгоддзі, але не жыць, вучыцца альбо працаваць, у адрозненне ад нацыянальных віз. Візы тыпу С могуць выдавацца для разавай паездкі або шматразовага ўезду.

Выдадзеных віз было ненашмат менш, чым заявак, — 158 тысяч. Адмовамі завяршыліся 5,5 тыс. запытаў беларусаў. Працэнт адмоваў склаў усяго 3,4%, аднак, як паведамлялася раней, гэта амаль удвая вышэй, чым у папярэднія гады.

Большасць віз — шматразовыя: 138 тысяч, або 87,3%. Самай актыўнай у выдачы віз была Германія, за ёю ідуць Італія, Польшча, Венгрыя і Францыя. Менавіта гэтыя краіны аформілі практычна ўсе візы, атрыманыя беларусамі. Ніжэй — зводная табліца па краінах, дадзеныя якіх прадстаўленыя ў выкладках Еўракамісіі.

Краіна Выдадзена віз Шматразовыя Адмовы
Германія 51,9 тыс. 95,7% 0,8%
Італія 40,2 тыс. 85,4% 0,2%
Польшча
(консульствы ў Мінску,
Брэсце, Гродне)
31,4 тыс.

87,2% у Мінску,
90,7% у Брэсце,
91,7% у Гродне

10% у Мінску,
12% у Брэсце,
13,3% у Гродне
Венгрыя 14,4 тыс. 73,1% 1,5%
Францыя 11,8 тыс. 67,1% 2,3%
Эстонія 1473 93,5% 8,8%
Латвія 1184 78% 11,4%
Славакія 931 53,6% 1,2%

А колькі віз было ў мінулыя гады?

Хаця колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных беларусам, у 2023 годзе ўсё яшчэ заставалася невялікай, яна вырасла ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Рэзкае падзенне пачалося ў 2020-м праз пандэмію каранавіруса і потым працягнулася ў 2022-м праз розныя візавыя абмежаванні, якія краіны Еўропы наклалі на Беларусь у сувязі з яе датычнасцю да вайны супраць Украіны.

Тым не менш цяперашняму ўзроўню выдачы віз пакуль вельмі далёка да таго, які быў у канцы 2010-х.

Параўноўваем шэнгенскія візы, атрыманыя беларусамі ў 2023 годзе, з папярэднім дзесяцігоддзем:

  • 2023 — 158 тысяч;
  • 2022 — 118,5 тысячы;
  • 2021 — 57,5 тысячы;
  • 2020 — 135 тысяч;
  • 2019 — 643,5 тысячы;
  • 2018 — 677 тысяч;
  • 2017 — 710,5 тысячы;
  • 2016 — 693,5 тысячы;
  • 2015 — 754 тысячы;
  • 2014 — 880 тысяч;
  • 2013 — 768 тысяч.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO