Яўген Малалетка — украінскі фатограф, які разам са сваім калегам з міжнароднага інфармацыйнага агенцтва Associated Press Мсціславам Чарнавым аказаўся ў Марыупалі падчас пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Журналісты пастаянна расказвалі, як жыве горад у аблозе, а рэпартаж з абстралянай радзільні стаў сапраўднай сенсацыяй. Цяпер фатограф знаходзіцца ў Кіеве і рыхтуе гісторыі да гадавіны пачатку вайны. Мы пагаварылі з Яўгенам пра працу, блакаду Марыупаля, эвакуацыю, пратэсты ў Беларусі, якія ён асвятляў, бяспеку і спальнік, які не даваў замерзнуць.
«Расія ўключыла радыёвышкі: „Здавайцеся, горад акружаны, вас абстрэльвае ўкраінская армія“»
— У Марыупалі вы аказаліся 24 лютага каля 4 раніцы. Ехалі туды, чакаючы пачатку вайны. Выраная дата — выпадковасць?
— Мы аналізавалі розныя паведамленні з медыя, і абстаноўка на фронце была даволі трывожная. Працавалі на перадавой з салдатамі, яны сядзяць у акопах і ў іх няма загаду адказваць на агонь. Хлопцы самі не ведалі, чаго чакаць.
— Але вы маглі аказацца ў Марыупалі 23 ці 25 лютага?
— Мы патэнцыйна хацелі туды паехаць і раней, але проста не разумелі, у якую менавіта дату ўсё пачнецца, пазней стала ясна, што гэта будзе заўтра ці паслязаўтра. Мы ездзілі па лініі фронту і бачылі, як за некалькі дзён да ўся тэхніка [уварвання] выехала на баявыя пазіцыі, было відаць, што ўсе рыхтуюцца. Плюс заявы Пушыліна і Пасечніка (кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР. — Заўв. рэд.), якія запісалі за некалькі дзён да публікацыі. Гэта ўсё адзін вялікі сцэнар, які разыгрываўся. Трэба было падагрэць перадавую і потым пачаць наступаць. Яны прыдумалі прычыну.
— Што з вамі адбывалася ў Марыупалі?
— Вайна ў Марыупаль, у сам горад, не прыйшла імгненна. Крыць пачалі праз некалькі дзён: спачатку былі ўскраіны, потым стала нарастаць, і горад быў акружаны. Зрабілася ясна, што трэба неяк жыць, выбірацца, эканоміць прадукты і ваду, шукаць, дзе мы можам зарадзіцца. Стараліся знайсці месцы, дзе мы можам пазнаёміцца з людзьмі, нейкіх напрацаваных кантактаў у нас не было. Усё было ў працэсе.
— Пра што мясцовыя ў вас пыталі?
— У асноўным — што наогул адбываецца. Яны былі ў паніцы, не ведалі, што рабіць, і не маглі звязацца са сваімі роднымі. А доступ у інтэрнэт быў абмежаваны, былі перабітыя лініі электраперадачы. Людзі нас часта спынялі і пыталі, ці ўзяты Кіеў або Харкаў. Было вельмі шмат навін, і калі народ абмяркоўваў іх паміж сабой, то прыдумляў розныя непраўдзівыя версіі. А ў канцы нашага знаходжання, калі не было сувязі, Расія ўключыла радыёвышкі: «Здавайцеся, горад акружаны, выезду на Украіну няма, вас абстрэльвае ўкраінская армія».
«Там усё было на мяжы»
— Самы страшны момант?
— Там усё было на мяжы. Жывеш, напрыклад, у гатэлі, а побач прызямляецца снарад, у бальніцу прызямляецца, побач з табой прызямляецца. Усё было досыць хаатычна, але вось нешта канкрэтнае вылучыць, каб сказаць: «Гэта быў люты п****ц», не магу. Стромна было, калі самалёты бамбілі, але тады я яшчэ не разумеў: калі ты чуеш гук самалёта, то бамбіць ён не цябе.
— Наколькі вы былі блізкія да смерці?
— Мне здаецца, калі ты працуеш на адрэналіне ў такіх умовах, то не думаеш пра ўсведамленне смерці. Гэта воля выпадку: заб’юць — значыць заб’юць. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Працу рабіць трэба і лішні раз не рызыкаваць. Стромна было выходзіць з бальніцы нейкі час, таму што моцна крылі, ці ты выйшаў, пачаўся абстрэл і ты не можаш з’ехаць з гэтага раёна і пачынаеш рухацца назад перабежкамі ў будынак, каб схавацца.
— Фатаграфіі падпісалі вашым імем, не думалі ў той момант, што бяспечней схаваць аўтарства?
— Я думаю, што заўсёды ёсць давер чытача да матэрыялу, калі стаіць імя чалавека, таму мы іх не хавалі і яшчэ вельмі часта выкладвалі матэрыялы ў сацыяльныя сеткі, каб інфармаваць і ўкраінцаў, і міжнародную аўдыторыю. Цяпер класічныя медыя і грамадзянская журналістыка вельмі важныя.
— Якая фатаграфія з Марыупаля стала самай галоўнай для вас?
— Я думаю, што вельмі вялікую колькасць публікацый атрымаў фотаздымак цяжарнай жанчыны на насілках. Даўно такога не было, каб адно фота так разляцелася па СМІ.
«Вайна выглядае ўсюды аднолькава: слёзы людзей, пакуты, выбухі, разбурэнні»
— Вы былі ў Марыупалі з 24 лютага да 15 сакавіка. Не пашкадавалі, што паехалі туды?
— Цяпер, вядома, не шкадую, але тады быў у сумневах — ці ў правільным ты месцы знаходзішся. У той момант ты глядзіш на падзеі ў Кіеве і думаеш: а што, калі сталіцу возьмуць, а цябе там не будзе, ты прапусціш самае галоўнае. Мяне адольвалі сумневы. Цяпер мне здаецца, што кожны знаходзіўся ў сваім месцы і ў Кіеве было дастаткова журналістаў, якія асвятлялі вайну. Шкадую, што не змог застацца даўжэй і паказаць больш жаху, не змог знайсці яшчэ больш доказаў злачыннай вайны. Я да гэтага часу не разумею, наколькі паўплывалі нашыя матэрыялы, ці зрабілі мы правільна і дастаткова, можа, варта было зрабіць больш?
Дзе б ні знаходзіліся журналісты, няма розніцы, дзе асвятляць вайну, яна ўсюды выглядае аднолькава: слёзы людзей, пакуты, выбухі, разбурэнні і жахі. Гэта было ўсюды. Галоўнае — паказаць тое, што адбываецца.
— Як вас вывозілі з Марыупаля?
— Яшчэ да выезду мы трапілі ў акружэнне ў адным раёне, з намі быў паліцэйскі, ён звязаўся са сваімі праз рацыю, мы пераначавалі ў будынку бальніцы, і на досвітку нас эвакуявала спецпадраздзяленне. Суседнія будынкі ўжо былі пад расіянамі. Мы кінулі машыну, паліцэйскія нас вывезлі ў цэнтр, далей мы былі самі па сабе. Так з 12 сакавіка мы аказаліся без транспарту. Перасоўваліся па горадзе самастойна, часам нам паліцыя дапамагала. Мы выкарыстоўвалі ў Ката (гаворка пра кіраўніка патрульнай паліцыі Марыупаля Міхаіла Вяршыніна. — Заўв. рэд.) на базе спадарожнікавы інтэрнэт, таму што вышка сотавай сувязі ў цэнтры ўжо была разбомбленая і знаходзіцца там было небяспечна, расіяне ўжо захапілі некалькі раёнаў, баі ішлі ў горадзе.
У выніку мы выязджалі 15 сакавіка на чужой машыне, з намі была сям’я, якая нам дапамагала. Нас было шэсць чалавек у невялікім Hyundai Accent. Прайшлі каля 15 блакпастоў.
Была стромная дарога, гэта ўсё ноччу, небяспечна, можна было лёгка разбіць машыну. У аўтамабілі не было шкла, лабавуха была цалкам патрэсканая, бачнасць вельмі абмежаваная, перасякалі лінію фронту без святла.
— Чаму без?
— Расіяне сказалі выключыць усім святло ў машынах, некаторыя заляплялі фары скотчам і закрывалі кардонам.
— Вы флэшкі хавалі?
— Матэрыялы мы аддалі дзяўчатам у машыне, а абсталяванне схавалі.
— З якім адчуваннем заехалі на падкантрольную Украіне тэрыторыю?
— Дзяўчаты плакалі, мы абдымаліся. Але ты не цалкам усведамляеш, што адбываецца, няўжо гэта канец?! Вайна ж далей працягваецца ўсё роўна. Я б не назваў гэта палёгкай, гэта такі сімбіёз эмоцый: фізічна ты ўжо ў Запарожжы, але ў думках — яшчэ ў Марыупалі. І думаеш пра тое, што адбываецца там.
— Чым вы заняліся пасля?
— Спрабавалі прыйсці ў сябе, але гэта не атрымлівалася, бо мы рэдагавалі матэрыялы, здымалі гісторыі ў Запарожжы пра эвакуацыю з Марыупаля, пачалі шукаць людзей, якія былі ў драмтэатры. Трэба было знайсці сведак, пакуль яны не раз’ехаліся і ўсё яшчэ былі ва Украіне.
— Як, працуючы на вайне, вы клапоціцеся пра сваю бяспеку?
— У нас ёсць бронекамізэлька, каска, аптэчка, спадарожнікавы тэлефон, GPS-трэкер для рэдакцыі, цяпер яшчэ ўсе карыстаюцца Starlink, плюс часам мы ездзім некалькімі машынамі, каб, напрыклад, калі адна з іх трапіць пад абстрэл, то будзе другая, на якой можна эвакуявацца.
— Самы важны прадмет, які бераце з сабой?
— Спальнікі. Яны нас ратавалі ў Марыупалі, мы спалі дзе давядзецца, і без іх было б холадна.
«Дыктатуру кветачкамі ўсё-такі не скінеш»
— Давайце пагаворым пра Беларусь. Як у 2020 годзе, падчас пратэстаў, вы апынуліся ў Мінску?
— Я быў у вас каля двух тыдняў. Калі мы загадзя атрымлівалі акрэдытацыю, ніхто не падазраваў, што будзе такая хваля пратэстаў і агрэсіі з боку сілавікоў. Таму рэдакцыя не адправіла вялікай колькасці журналістаў асвятляць выбары. А калі зразумелі, што трэба, то спыталі, у каго ёсць акрэдытацыя, і я прапанаваў сябе. Я прыляцеў у Мінск, калі пратэсты ўжо ішлі.
— Якое ў вас склалася меркаванне пра тое, што адбываецца?
— Я быў у вас на выбарах у 2010 годзе. Бачыў падобную сітуацыю. Калі пайшла хваля пратэстаў, я адчуваў, што людзі хацелі выказацца і расказаць, што адбываецца і як яны не згодныя з гэтым.
— Чым беларусы вам запомніліся?
— Я не хачу быць крытычным. Мне падабаецца, як беларусы пратэставалі, але, мне здаецца, крыху недаціскалі. Дыктатуру кветачкамі ўсё-такі не скінеш. Мы пыталі ў пратэстоўцаў: «Вы думаеце, што дыктатара можна выгнаць кветачкамі?» А яны адказвалі: «Паглядзіце на Украіну, узброены пратэст быў, і гэта ўсё прывяло да вайны». Тое, што адбываецца ў вас, задушылі павольна і ўпэўнена, зачысцілі інфармацыйную прастору і пачалі ўсіх саджаць.
— Што складанага было тады ў працы?
— Была небяспека, што армія можа адкрыць агонь па пратэстоўцах, калі былі вялікія мітынгі ў выходныя, і што сілавікі запусцяць яшчэ адну хвалю гвалту.
— У вас змянілася стаўленне да Беларусі?
— Мне вельмі шкада, што вашая краіна знаходзіцца ў такім рэжыме. У Беларусі быў шанец стаць адной з краін-лідараў ва Усходняй Еўропе, і, думаю, вас бы хутчэй прынялі ў ЕС, чым Украіну, ведаючы пра ваш парадак і законапаслухмянасць. Будзем спадзявацца. Любая дыктатура рана ці позна ламаецца, і пасля яе прыходзіць іншы рэжым.
У вас цяпер ёсць вертыкаль улады, якая на кані і трымае ўсё насельніцтва ў страху. Гэта такая форма кіравання. Калі ты не хочаш, каб цябе з’елі, ты павінны прымусіць насельніцтва баяцца і паказваць, хто галоўны.
— Мы ў канцы размовы заўсёды задаём адно і тое ж пытанне. Калі і як скончыцца вайна?
— Я думаю, Украіна выстаіць у любым выпадку. У нас ёсць добрыя шанцы, але гэта будзе велізарная колькасць ахвяр. Калі ўсё скончыцца, мне складана сказаць.
— Што будзеце рабіць пасля перамогі?
— Я хачу добра адпачыць і падумаць, як быць далей.
Чытайце таксама


