У вёсцы Пасынкі Смаргонскага раёна сям’я вырашыла зрабіць свідравіну на ўчастку, аднак замест чаканай крыніцы вады іх чакаў сюрпрыз — фантан вышынёй пяць метраў, піша «Светлы Шлях».
— Калодзежа ў нас на ўчастку ніколі не было. Мы даўно думалі зрабіць свідравіну і правесці ваду ў дом, бо раней хадзілі па яе да суседа, — расказвае гаспадыня ўчастка Святлана Мацюлька.
Прыехалі рабочыя, паставілі абсталяванне і пачалі свідраваць зямлю. Апусціліся на глыбіню пяць метраў, а адтуль забіў фантан вады — праз такі напор не атрымлівалася ўставіць трубы.
— Гэты фантан ліўся вышэй за дах нашага дома. Ніхто не ведаў, што рабіць, і тады вырашылі закласці цаглінамі, — працягвае жанчына.
Дом 1957 года пабудовы, участак стары, і ніхто не разумеў, адкуль такі напор і столькі вады. Сям’я вырашыла, што гэта неяк звязана з крыніцай, якая раней была недалёка ад дома.
— Рабочыя сказалі, што з такім яшчэ не сутыкаліся. Звязаліся яны са спецыялістамі з Мінска, якія параілі ачысціць тэрыторыю і ўстаўляць трубы. Мы з мужам спалі па чарзе, кантралявалі ваду. Змыла ўвесь агарод, затапіла ўчастак, і мы пачалі ўжо турбавацца за дом. Прынялі рашэнне скіраваць паток вады на дарогу.
Вяскоўка расказала, што глыбіня свідравіны склала ўсяго пяць метраў, хоць у суседзяў — амаль 50.
— Вада вельмі чыстая. Улетку — халодная. Узімку трохі падмярзае калонка, таму на гэты перыяд яе ўцяпляюць. Напор вады застаўся такім жа моцным і магутным, як і ў цёплы час — і гэта без помпы, — кажа Святлана Мацюлька.
Калі з-пад зямлі б’е фантан і вада падымаецца з сілай, такую свідравіну называюць артэзіянскай. Гэта з’ява сустракаецца ў Беларусі даволі рэдка.