Многія беларусы, відаць, паспелі стаміцца ад зімы з плюсавой тэмпературай і шэрасцю за акном, а таму маглі ўзрадавацца апошняму прагнозу: днямі ў краіну нарэшце павінныя прыйсці снег і мароз. Але тое, што радуе жыхароў сярэдняй паласы, на поўдні можа несці катастрофу і смерць. Менавіта так адбылося ў далёкім 1972 годзе ў Іране, на які абрынуліся раптоўныя маразы, снег і самая смяротная ў вядомай гісторыі чалавецтва снежная бура. Яе ахвярамі сталі 200 вёсак і больш за 4 тысячы чалавек. Расказваем пра гэтую падзею.
Чатыры гады засухі і швейцарскія канікулы
Снежная бура, або завіруха — гэта канцэнтрацыя часцінак снегу, паднятых з зямлі хаатычным віхравым ветрам. Адбываецца гэта падчас нізкіх тэмператур, снегапад абмяжоўвае бачнасць, а моцны вецер прыводзіць да яшчэ большага пахаладання. Менавіта такая прыродная з’ява заспела Іран знянацку ў лютым 1972 года.
Да ісламскай рэвалюцыі 1979-га, якая прывяла да ўлады рэлігійных фундаменталістаў, заставалася яшчэ сем гадоў. Ва ўладзе знаходзіўся непапулярны Махамед Рэза Пехлеві, шах Ірана, які кіраваў краінай аўтарытарна. У замежнай палітыцы ён арыентаваўся на ЗША і заходні свет. А яшчэ любіў там адпачываць. Кожны год прыкладна 20 студзеня шахвыпраўляўся ў Швейцарыю катацца на лыжах і аддавацца іншым забавам разам з прыдворнымі. Паводле чутак, на гэта трацілі адзін-два мільёны даляраў, цалкам арандоўваліся некалькі гатэляў. Дадому шах і яго двор вярталіся толькі ў сакавіку і бавілі вясновыя канікулы ў вілах на беразе Каспійскага мора. Забягаючы наперад, скажам, што ў 1972-м, нягледзячы на катастрофу, перапыніць свой зімовы адпачынак і вярнуцца на радзіму кіраўнік Ірана не захацеў, выразна прадэманстраваўшы свае прыярытэты. Краіна ратавалася без яго. Імаверна, такія паводзіны сталі адной з прычын пазнейшага падзення шахскага рэжыму.
Да лютага перадумоваў удару стыхіі ў Іране не назіралася. Наадварот, ужо вельмі даўно стаяла засуха, якая доўжылася роўна чатыры гады — 1460 дзён. Але завяршылася яна не дажджом, у якім так мела патрэбу краіна. У студзені па гарыстай заходняй частцы Ірана прайшла серыя штормаў, якія накрылі гэты рэгіён снегам. А ў пачатку лютага з поўначы, з Азербайджана, які тады быў часткай СССР, прыйшоў цыклон, што прынёс з сабой масы халоднага паветра.
2 лютага газеты паведамілі пра блізкі моцны снегапад — яму далі назву «Белы д’ябал». Рэагуючы на гэтае папярэджанне, школы ў Тэгеране закрылі на тры дні. Прадстаўнік Мінадукацыі падкрэсліў, што на чацвёрты дзень дзеці павінныя пайсці ў школу, каб паўза не нашкодзіла іх навучанню (і дадаў, што навучальны год скончыцца на тры дні пазней). Наступныя падзеі паказалі, якім ён быў аптымістам. Трох дзён аказалася мала, а школы давялося закрываць па ўсёй краіне.
Ці быў снег нечым надзвычайным для ўсіх іранцаў? Зусім не. На тэрыторыі краіны ёсць нямала заснежаных зімой горных хрыбтоў (у тым ліку Загрос і Эльбурс — не блытаць з Эльбрусам). Нават на прыбярэжнай каспійскай раўніне з субтрапічным кліматам часам здараліся замаразкі і маразы. То-бок для часткі жыхароў Ірана такое надвор’е не было навіной. Але вось у іх суайчыннікаў на поўдні, што жылі ўздоўж Аманскага і Персідскага заліваў, такога досведу не было. Тыповымі для іх былі мяккія зімы і спякотнае лета. У Тэгеране сярэднямесячная тэмпература паветра ў лютым складала 6 градусаў паводле Цэльсія са знакам «плюс». Але ў 1972-м усё пайшло па-іншаму.
Пачатак снежнай буры і покрыва да васьмі метраў
Снегапад пачаўся 3 лютага. Спачатку яму ўзрадаваліся. Чакалася, што рэдкі для краіны снег станоўча паўплывае на будучы ўраджай. Пажылыя іранцы, што жылі ў цэнтры і на поўдні, наогул убачылі яго ўпершыню. Дзеці радасна выбеглі на двор і пачалі гуляць у снежкі.
Аднак снег ішоў, ішоў і не думаў спыняцца. У той дзень малаказаводы не змаглі своечасова даставіць свае прадукты ў крамы Тэгерана. Малако і алей хутка сталі дэфіцытам. Рынкі ў сталіцы закрыліся, бо ўсю гародніну засыпала снегам і прадаваць не было чаго. Грамадскі транспарт спыніўся, а большасць таксістаў прадказальна засталася дома. Мноства людзей не дабралася да працы ці спазнілася на яе на некалькі гадзін — нават многія міністры трапілі ў свае кабінеты толькі каля 11 раніцы. 90% людзей, якія звярнуліся ў той дзень у аддзяленні неадкладнай дапамогі бальніц, мелі траўмы аж да пераломаў праз падзенне на слізкіх паверхнях.

Яшчэ горшай была сітуацыя ў рэгіёнах. У той час заходняя палова Ірана была ў асноўным сельскай, яе насельніцтва было рассеяная па невялікіх вёсках. На жаль, жыхары не ведалі пра набліжэнне снежнай буры і аказаліся непадрыхтаванымі. Прычына ў тым, што газеты траплялі далёка не ва ўсе населеныя пункты, па радыё, мяркуючы з усяго, абвестак не было (мы не сустракалі згадак пра гэта ні ў адной крыніцы). Ды і маштабаў блізкай катастрофы ніхто не ўяўляў.
Ужо ў першы дзень завеі ў правінцыі Мазэндэран (паласа раўнін і гор ля паўднёвага берага Каспійскага мора) ад моцнага холаду загінулі два чалавекі. У горадзе Ардэбіль на поўначы краіны тэмпература дасягнула мінус 24 °C, людзі хаваліся ад холаду ў мячэцях. Іншыя правінцыі нібы спаборнічалі паміж сабой у рэкордах. У паўночна-ўсходнім Харасане тэмпература ўпала да мінус 32, по тым да мінус 37 °C. У высакагорным Шэхрэ-Кордзе праз два дні яна дасягнула 36 градусаў марозу.
Адным з найбольш пацярпелых рэгіёнаў, на здзіўленне многіх, стаў Эрдэкан у цэнтральным Іране — мабыць, самае засушлівае месца ў краіне, якое знаходзіцца пасярод пустыні. Акурат там снег быў нечуванай з’явай. Аднак цяпер некалькі вёсак з чатырма тысячамі жыхароў апынуліся ў пастцы — іх адрэзала ад усіх камунікацый і пахавала пад васьміметровым снежным пластом. Толькі пасля заканчэння буры ратавальнікі змаглі да іх дабрацца і знайшлі мноства загінулых.
«Божа, хопіць снегу», — маліліся ў тыя дні іранцы. У некаторых гарадах завіруха доўжылася 36 гадзін. У сярэднім па краіне выпала як мінімум тры метры снегу, у асобных месцах яго вышыня дасягнула шасці метраў і, як у Тэгеране, нават васьмі метраў. Нядзіўна, што паліцыя краіны запатрабавала, каб усе кіроўцы ў любой частцы Ірана выкарыстоўвалі колавыя ланцугі нават падчас руху ў гарадах. Усяго стыхія, якая доўжылася сем дзён, з 3 да 9 лютага, засыпала снегам тэрыторыю памерам прыкладна з Грэцыю.
Удар па эканоміцы і чалавечыя ахвяры
Непадрыхтаваны да катастрофы Іран сутыкаўся з адной праблемай за іншай. Пасля пачатку халадоў большая частка грузавікоў з дызельным палівам засталася на дарозе і замерзла. У грэйдараў, якія адказвалі за ўборку снегу, ад холаду перасталі працаваць паліцы, і яны былі бескарысныя. Праз моцныя халады і імкненне сагрэцца людзі спальвалі ўсё, што трапляла пад руку. Так на дарогах былі спаленыя многія грузавікі. Моцны снегапад перакрыў дарогі, у тым ліку перавалы. Большасць грузавікоў, якія спыніліся там, перавозіла нафту, што парушыла пастаўкі.
У некалькіх гарадах адключылі электрычнасць, што паралізавала працу воданагравальнікаў, пякарняў і іншых аб’ектаў. У іншых замерзла вада ў трубах. Месцамі ў іранцаў скончыліся запасы мукі, узнікла пагроза голаду. Праз адсутнасць электрычнасці, парушаныя пастаўкі і іншыя праблемы сітуацыя ў краіне стала крытычнай, у многіх гарадах абвясцілі надзвычайнае становішча.
Але самае страшнае — завіруха забрала мноства чалавечых жыццяў. Холад і недахоп ежы прывялі да таго, што ў некаторыя населеныя пункты пачалі прыходзіць ваўкі, якія забівалі людзей. Пад снегам аказаўся пахаваны цягнік з усімі пасажырамі. Зваліўся ў прорву і разбіўся аўтобус з 30 людзьмі. 180 чалавек зніклі без вестак у гарах, 60 загінулі ў выніку сходу лавіны. Перад пачаткам завеі ў горы недалёка ад Тэгерана выправіліся амерыканская студэнтка каледжа і двое яе спадарожнікаў. Каманда з пяці чалавек, якая пайшла на іх пошукі, таксама знікла. У горадзе Рэшт ужо не было магчымасці хаваць мёртвых. Іх складвалі ў будынку мясцовага архіва, каб потым даставіць на могілкі.
Але найбольшая колькасць ахвяр тлумачылася геаграфіяй. На пяты дзень завіруха і бесперапынны снег пашкодзілі лініі сувязі і электраперадачы — людзям перастала паступаць электрычнасць. Асабліва трагічную ролю гэта адыграла ў заходнім, гарыстым і вясковым, Іране. Яго жыхары не маглі выбрацца з родных месцаў і аказаліся цалкам ізаляваныя ад вонкавага свету. У выніку ў іх скончыліся ежа і прэсная вада. Яны замерзлі ці памерлі ад голаду.
9 лютага, у апошні дзень снежнай буры, надвор’е пачало паляпшацца. Улады нарэшце змаглі адправіць у некалькі рэгіёнаў верталёты. Ратавальнікі расказвалі, што, пралятаючы над зямлёй, яны не бачылі ніякіх прыкмет існавання вёсак — толькі бязмежныя снежныя абшары. Два дні яны адкопвалі вёску Сэклаб, дзе да трагедыі жыло 100 чалавек, але не знайшлі там ніводнага выжылага. Аналагічная сітуацыя была ў вёсках Какан і Кумар у раёне Эрдэкан, там таксама не знайшлі жывых. У вёсцы Шэклаб на турэцкай мяжы ратавальнікі два дні капалі, каб прабіцца ўніз праз восем метраў снегу. Дасягнуўшы мэты, яны знайшлі толькі 18 са 100 жыхароў, целы астатніх зніклі. Таксама ратавальнікі адкопвалі снегаходы і захраслыя цягнікі.

Як пісалі відавочцы, большая частка Ірана «схавалася пад пластом снегу, які месцамі быў настолькі глыбокім, што літаральна пахаваў тысячы людзей, многія з якіх сядзелі ў сваіх дамах, ператвораных у ледзяныя смяротныя пасткі задоўга да таго, як павольная адліга раскрыла сапраўдны жах гэтага надзвычайнага здарэння».
Аднак 11 лютага прыйшла чарговая завіруха, і пошукі давялося згарнуць. Пілот скінулі на зямлю дзве тоны фінікаў і хлеба ў надзеі, што людзі, якія засталіся ў жывых, змогуць паесці і пратрымаюцца даўжэй. Відаць, многім ежа, на жаль, ужо не спатрэбілася.
Неўзабаве тэмпература паветра пачала вяртацца ў звыклыя межы, што выклікала раставанне снегу. У некаторых правінцыях краіны пайшлі дажджы, пачаліся паводкі. Цэлыя вёскі, што вытрымалі стыхію, злеглі ад грыпу і моцных прастудаў, перажыць якія ўдалося не ўсім.
Адна з рэгіянальных іранскіх газет тады расказала пра тунэль, які мусіў стаць схованкай для машын, але стаў пасткай: снег засыпаў яго цалкам. Рэпартаж называўся «Мы вырваліся з лап белага д’ябла». Так можна апісаць і ўсю сітуацыю ў краіне. Тыднёвы холад і снег, а таксама іх наступствы сталі прычынай гібелі каля чатырох тысяч чалавек (хоць колькасць недакладная — газеты таго часу пісалі нават пра шэсць тысяч). Пад снегам знікла больш за 200 вёсак, якія так ніколі і не аднавілі.
Чытайце таксама


