«Вывела больш за 150 тысяч даляраў». «Кіберпартызаны» апублікавалі інфармацыю пра грошы фонду, якім кіравала зніклая Мельнікава
12 мая 2025 у 1747056780
Максім Іскрын / «Зеркало»
«Кіберпартызаны» аднавілі кантроль над фондам Białoruś Liberty, якім кіравала зніклая экс-спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, і атрымалі звесткі пра ўвесь рух па рахунку ў злотых з пачатку 2024 года.
У аб'яднанні адзначылі, што ўсе паступленні і выплаты з рахунку фонду супадаюць з тымі, якія былі ўзгодненыя з фінансавым аддзелам групы «Кіберпартызан», аж да другой паловы студзеня 2025 года.
«Да гэтага часу Анжаліка Мельнікава цалкам выконвала абавязанні, якія на сябе ўзяла, і не была заўважаная ў растрачванні сродкаў групы на асабістыя патрэбы», - адзначылі хактывісты.
Як заявілі «Кіберпартызаны», першы выпадак «расходавання сродкаў групы на асабістыя патрэбы Мельнікавай зафіксаваны 22 студзеня 2025 года - аплата паслуг сэрвісу Booking з карткі, якая знаходзілася ў Мельнікавай».
«Цягам лютага 2025 года Мельнікава раз на некалькі дзён выводзіла на асабісты рахунак сродкі, якія ёй не належаць, сумамі да 2,5 тысячы даляраў, у тым ліку выкарыстала сэрвіс экспрэс-пераводаў для паскарэння транзакцый», - сцвярджаюць у аб'яднанні.
«Кіберпартызаны» адзначылі, што перавод па гранце для Каардынацыйнай рады - каля 107 тысяч даляраў - паступіў на рахунак Białoruś Liberty 13 сакавіка. Атрыманне гэтай сумы не ўзгаднялася з прадстаўнікамі «Кіберпартызан», групе не паведамілі нават пра сам факт такога выкарыстання рахунку фонду.
«Цягам сакавіка Мельнікава вывела на асабісты рахунак за некалькі аперацый усю пераведзеную суму гранта для Каардынацыйнай рады, а таксама ўсе астатнія сродкі на рахунку, у тым ліку прызначаныя на праекты "Партызанскага Тэлеграма" і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях (каля 30 тысяч даляраў). Самыя буйныя пераводы былі зробленыя 5 і 18 сакавіка. Агулам Мельнікава вывела больш за 150 тысяч даляраў. Апошняя аперацыя вываду сродкаў датуецца 24 сакавіка 2025 года», - заявілі «Кіберпартызаны».
У аб'яднанні падкрэслілі, што ім невядомыя матывы, «з якіх Мельнікава вырашыла прысвоіць чужыя сродкі і ўцячы пасля многіх месяцаў кампетэнтнай працы з добрай рэпутацыяй».
Па факце крадзяжу сродкаў пададзеная заява ў праваахоўныя органы Польшчы.
«Кіберпартызаны» паведамілі, што страта сродкаў «патэнцыйна часова замарудзіць працу над праектамі «Партызанскага Тэлеграма» і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях, але «не закранае працы па ўзломах сетак рэжымаў РБ і РФ».
«Паводле пратаколаў бяспекі, прынятых у групе «Кіберпартызан», любая інфармацыя, якая перадаецца знешнім структурам (бухгалтарам, юрыстам, банку і інш.) не можа быць сакрэтнай, бо даступная неабмежаванай колькасці асобаў, а таксама можа фігураваць у публічных рэестрах. Таму Мельнікава (і фонд у цэлым) не мае сакрэтнай інфармацыі пра нашую арганізацыю», - заявілі ў аб'яднанні.
Што вядома пра знікненне Анжалікі Мельнікавай
У пятніцу, 28 сакавіка, намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што 25 сакавіка знікла спікерка КР Анжаліка Мельнікава. Ён расказаў, што падаў заяву пра гэта ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі акрамя беларускага ёсць грамадзянства гэтай краіны). Таксама 28 сакавіка стала вядома, што разам з жанчынай зніклі і дочкі, што жылі з ёй у Варшаве.
Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», да 25 сакавіка дэлегаты КР некалькі тыдняў не бачылі яе, бо палітык хварэла на COVID-19. Аднак, паводле іх словаў, спікерка выходзіла на сувязь. Прынамсі, да 21 сакавіка. Як пазней удакладняў Латушка, у гэты дзень яна апошні раз прысутнічала на сазвоне.
- Візуальна мы яе бачылі. Адкуль было злучэнне, мы не ведаем, - казаў у інтэрв'ю Deutsche Welle намеснік кіраўніцы АПК. Ён таксама адзначыў, што Анжаліка абяцала прыйсці ў офіс 24 ці 31 сакавіка. Але, спаслаўшыся на хваробу, візіт адмяніла.
У суботу, 29 сакавіка, у эфіры польскага тэлеканала TVN24 Латушка сцвярджаў, што былы муж спікеркі КР выехаў у Беларусь (пазней ён заявіў, што, паводле інфармацыі ад паліцыі, 3 сакавіка экс-муж перасёк польска-беларускую мяжу на аўтобусе).
У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МУС Яцак Дабжыньскі расказаў, што, паводле звестак польскіх і партнёрскіх службаў, Мельнікава на той момант ужо некалькі тыдняў знаходзілася за межамі Польшчы. Праз некалькі дзён Павел Латушка са спасылкай на паліцыю заявіў, што спікерка КР пакінула краіну 26 лютага і вылецела ў Вялікабрытанію.
30 сакавіка чытачы «Люстэрка» паведамлялі, што бачылі былога мужа Мельнікавай разам з дочкамі ў Нясвіжы. Раніцай 31 сакавіка кіраўнік НАУ заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка таксама знаходзіцца ў Беларусі.
У пятніцу, 4 красавіка, сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BYSOL Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікабрытаніі, падаў заявы пра знікненне спікеркі КР у дзве сілавыя структуры гэтай краіны: паліцыю Лондана (Metropolitan Police) і Нацыянальнае агенцтва па расследаванні злачынстваў (NCA).
7 красавіка «Люстэрку» ўдалося пагаварыць з экс-мужам Анжалікі Андрэем Мельнікавым. Ён пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі разам з дзецьмі. У гэты ж дзень стала вядома, што брытанская паліцыя не праводзіць расследавання па факце знікнення спікеркі КР.